2009 год

Нематэрыяльная культурная спадчына — нацыянальны скарб беларусаў

Аўтэнтычнасць як брэнд
У нашай краіне пакуль не выяўлена радовішчаў алмазаў і шмат якіх яшчэ карысных выкапняў, няма залатых прыіскаў. У выніку войнаў і іншых гістарычных перыпетый мы страцілі многія архітэктурныя помнікі, мастацкія творы, кніжныя скарбы… Але ёсць асаблівыя каштоўнасці, дзякуючы якім мы можам лічыць сябе вельмі багатымі. Яны не схаваны ў банкаўскіх ячэйках, не пакладзены на дэпазіт. Гэта нашы звычаі, абрады, святы, рамёствы, веды і навыкі, звязаныя з уяўленнямі пра прыроду і сусвет. Карацей кажучы, усе нашы нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці вартыя таго, каб іх берагчы і годна прэзентаваць свету.
Місія — захаваць
У 2009 годзе адбылася беспрэцэдэнтная для нашай краіны падзея. У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўпершыню быў уключаны беларускі абрад "Калядныя цары", які захоўваецца ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна.

— Для аб'екта ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА — як для артыста атрыманне звання "народны", — параўноўвае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір. — Гэта вельмі ганарова! Да таго ж дапамагае захоўваць нашу спадчыну і дэманстраваць свету нашы дасягненні і адметнасці.

Міністэрства культуры актыўна працуе над пашырэннем прысутнасці беларускіх аб'ектаў у міжнародных спісах пачынаючы з 2006 года, калі наша краіна падпісала Міжнародную канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Штогод дзеля гэтага выдзяляюцца сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

Наталля Хвір
Усе аб'екты, уключаныя ў Дзяржаўны спіс, у перспектыве могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА
Летась у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва трапіў элемент "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай". Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны таксама адабраў матэрыялы па элеменце "Юраўскі карагод" у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Рашэнне аб уключэнні яго ў спіс будзе прынята камітэтам у лістападзе. Падрыхтаваны таксама матэрыялы па сумесным элеменце "Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы".

Пытаю ў Наталлі Хвір, якія яшчэ з нашых аб'ектаў, на яе погляд, у перспектыве могуць папоўніць міжнародныя спісы.

— Нашы нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці настолькі годныя, што нават складана нешта вылучыць, — адказвае яна. — На мой погляд, усе аб'екты, уключаныя ў Дзяржаўны спіс, у перспектыве могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА. Мы актыўна працуем над гэтым. Варта толькі ўлічыць, што згодна з Міжнароднай канвенцыяй ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, ёсць пэўны ліміт — кожная краіна можа накіроўваць у камітэт не больш за адну заяўку ў год.
«Жаніцьба Цярэшкі» — адно з любімых народных свят сучаснай моладзі.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Зараз у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, фарміраванне якога прадугледжваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, прынятым у 2017 годзе, 5577 элементаў. З іх 123 — праявы творчасці чалавека. Іх немагчыма памацаць, можна толькі ўбачыць, пачуць, усвядоміць. Але гэта не значыць, што яны менш значныя для нас.

— Нідзе на тэрыторыі Еўропы не захаваліся ў такой архаічнай форме абрады, як у нас. Мы разумеем, што нематэрыяльная культурная спадчына з'яўляецца не толькі адным з найбольш значных сацыяльна-культурных інстытутаў, якія фарміруюць нацыянальную ідэнтычнасць, але і брэндам нашай краіны. А таму робім усё, каб захаваць яе надалей і папулярызаваць у нас і за мяжой, — расказвае Наталля Хвір.
Будслаўскі фэст штогод збірае дзясяткі тысяч людзей
Любая юрыдычная або фізічная асоба можа накіраваць у Міністэрства культуры прапанову, абавязкова з абгрунтаваннямі, аб наданні таму ці іншаму элементу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— Рашэнне аб наданні статусу прымае Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, — тлумачыць Наталля Дзмітрыеўна. — У 2018 годзе разгледзелі 12 праяў творчасці чалавека, і ўсім гэтым элементам быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Як правіла, на пасяджэнні рады выносяцца сапраўды годныя і значныя аб'екты. Калі прапанова патрабуе нейкай дапрацоўкі, яна вяртаецца асобе, якая яе ўнесла.
ВАЖНЫЯ ДАТЫ
2006 год — Беларусь падпісвае Міжнародную канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
2009 год — у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны беларускі абрад "Калядныя цары".
2018 год — у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўвайшоў элемент "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай" (Будслаўскі фэст).
Патрапіць
у Дзяржаўны спіс
не так проста
Па-першае, элемент павінен валодаць неабходнымі крытэрыямі. А па-другое, ініцыятары прапановы павінны абгрунтаваць важнасць надання элементу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама належным чынам падрыхтаваць дакументы, у тым ліку матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці. Тым не менш, адзначае Наталля Хвір, у Міністэрства культуры такіх прапаноў паступае ўсё больш і больш. Вось і ў сакавіку на пасяджэнні Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны было прынята рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс дзвюх праяў творчасці чалавека — веснавога абрада "Ваджэнне сулы", які ладзіцца ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна на другі дзень Вялікадня, і "Дэмбраўскай кадрылі" ў вёсцы Дэмбрава Шчучынскага раёна.
Актыўнасць з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іншых суб'ектаў можна зразумець: уключэнне рэгіянальнай культурнай каштоўнасці ў Дзяржаўны спіс не толькі спрыяе фарміраванню культурнага іміджу раёна, робіць яго больш прывабным для турыстаў, але і адкрывае дзверы на міжнародную пляцоўку.

Некалькі гадоў таму пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы Фонда нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў краіне быў створаны Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Ён амаль ідэнтычны Дзяржаўнаму спісу ў раздзеле "Нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына". Але калі ў Дзяржаўным спісе даецца досыць сухая інфармацыя — шыфр, парадкавы нумар, назва элемента, то ў Нацыянальным інвентары распісваецца падрабязна, што гэта за элемент, адкуль паходзіць, якія матэрыяльныя аб'екты звязаны з яго практыкай, як ён перадаецца ў супольнасці і гэтак далей.
У вёске Агароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці зацяжарыць маладым жанчынам дапамагае камень. Прынамсі, у гэта шчыра вераць мясцовыя нявесты. Дарэчы, валун, да якога яны прыходзяць з просьбамі, так і завецца "Нявесцін камень". Ён знаходзіцца у лесе, на дне глыбокага рова. На працягу многіх дзесяцігоддзяў да яго прыходзяць дзяўчаты напярэдадні шлюбу, каб папрасіць шчаслівай сямейнай долі, а таксама маладыя жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця. У ахвяру прыносяць стужкі, паясы, абрусы, ручнікі, грошы, цукеркі, кветкі. Цікавая традыцыя прыходзіць да валуна з кошыкамі з маленькімі лялькамі — на доўгачаканае нараджэнне дзіцяці. Лічыцца, што камень здольны дапамагчы і сямейным парам, сярод якіх узнік разлад.
У аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці пякуць ката. Вядома, не сапраўднага. "Ката пячы" — так называецца гульня, якую праводзяць жыхары Скірмантава напярэдадні перадкаляднага посту 27 лістапада. У цэнтры свята — той самы "кот": тулава вырабляецца з выпечаных булак пэўнай формы, вушкі — з сала, вочкі — з чарніц, хвост — з каўбасы. "Кот" падвешваецца да столі, а ўдзельнікі свята спрабуюць па чарзе падскочыць і адкусіць кавалачак. Хто не спраўляецца з задачай, атрымлівае жартоўнае заданне. Гульня суправаджаецца традыцыйнымі песнямі, танцамі, анекдотамі і вячэрай з пачастункамі.
У Лепельскім раёне Віцебскай вобласці мяняюцца мужамі і жонкамі. Але толькі на час правядзення абраду "Жаніцьба Цярэшкі". Гульня прадстаўляе сабой рэпетыцыю вясельнага абраду. І часцей за усё ў ёй прымаюць удзел свабодныя хлопцы і дзяўчаты. Але на Лепельшчыне дазваляецца "жаніцца" і сямейным парам. Кажуць, гэта добрае выпрабаванне пачуццяў і даверу адзін да другога. Абрад праходзіць весела і жартаўліва. Пары просяць блаславення ў "маці" і "бацькі", спяваюць, танцуюць, часам дазваляюць сабе пацалункі і абдымкі, а пасля збіраюцца за агульным вясельным сталом.
Пераемнасць — адна з галоўных праблем аховы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны
— І калі мы разглядаем пытанні аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс таго ці іншага элемента, заўсёды звяртаем на гэта ўвагу, — падкрэслівае Наталля Дзмітрыеўна. — Як правіла, усе абрады, звычаі, святы бытуюць у вёсках, адкуль моладзь нярэдка імкнецца з'ехаць, таму многія з элементаў знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Адным са спосабаў захавання аб'ектаў з'яўляецца якраз уключэнне іх у спіс ЮНЕСКА.

— Сёння, калі прайшло дзесяць гадоў пасля ўключэння ў спіс ЮНЕСКА абрада "Калядныя цары", пра яго добра ведаюць, шмат гавораць, пішуць… Ведаю, што ў Семежаве ўжо існуе некалькі калектываў "Цароў", у тым ліку дзіцячы. І цяпер з захаванасцю гэтага абраду ўсё ў парадку, — расказвае Наталля Хвір.
Абрад "Калядныя цары" ў Семежава
Калурныя шкорні
Дзіву даешся,
наколькі духоўна
багаты наш народ
Вывучаючы аб'екты Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а гэта можа зрабіць кожны, зайшоўшы на сайт livingheritage.by, дзіву даешся, наколькі духоўна багаты наш народ. Знаходзім тут і спеўныя традыцыі, і народныя гульні, і вясельныя звычаі, і многае іншае.

Адна з яркіх старонак нашай культуры — традыцыйная ежа. Да прыкладу, у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна ўжо каля 150 гадоў на велікодны стол вырабляюць масленага барана. Галоўка, хвосцік, воўна нібы сапраўдная... Глядзіш на белы пухнаты шэдэўр і не адразу разумееш, з чаго ж ён зроблены. Аказваецца, са звычайнага хатняга масла. Спачатку вылепліваецца аснова барана. Затым робіцца воўна — невялічкі кавалак масла кладзецца ў марлю і выціскаецца праз яе, пасля чаго прымацоўваецца да асновы. Рожкі робяцца з воску — плавіцца свечка, а вочкі — з гарошку чорнага перцу. Як правіла, баран стаіць на стале ўсё свята. Есці яго дазваляецца ўжо пасля Вялікадня. Добра такі баранчык "заходзіць" з булкай, бульбай, кашай.
На Глыбоччыне каля 150 гадоў вырабляюць масленага барана
Не менш прывабныя традыцыйныя рамёствы беларусаў. Толькі ўявіце — у Быхаўскім раёне з канца XIX стагоддзя збіраюць унікальных саламяных павукоў, у Бярозаўскім — з ХVIII—XIX стагоддзяў вырабляюць птушак, расшчапляючы драўніну, у Гарадоцкім — з другой паловы XIX стагоддзя ствараюць абрусы і ручнікі ў тэхніцы ажурнага ткацтва.
А на Дрыбіншчыне вось ужо больш за 150 гадоў валяюць шапкі, брылі, валёнкі. Мясцовых майстроў завуць прыгожым словам "шапавалы". Кажуць, з'явіліся яны на Дрыбіншчыне пасля рэформы 1861 года. Шапавальства хутка прыжылося ў рэгіёне. Паколькі ён не славіўся ні ўрадлівымі землямі, ні багатымі лясамі, гэта рамяство дапамагала жыць многім сем'ям. А зараблялі шапавалы нядрэнна. Вазілі валёнкі і ў Расію, і ва Украіну, адзін з майстроў нават да Амерыкі дабраўся. Каб іншыя майстры не падгледзілі дрыбінскія сакрэты, мясцовыя шапавалы распрацавалі сваю мову — "катрушніцкі лемязень". Беларускі этнограф Еўдакім Раманаў налічыў у ёй амаль 1000 слоў: бацька — банштэй, нявеста — драпялуха, цёплы — дулясны, чорны — калурны, валёнкі — шкорні і гэтак далей. Традыцыя шапавальства жыве і сёння. З ёй можна пазнаёміцца ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі або на штогадовым фестывалі народных промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі".
Абрад «Бразгун» ў Норках
Здольны прыцягнуць увагу нават самай абыякавай аўдыторыі і нашы народныя абрады, святы, вераванні
Нядзіва, што два аб'екты патрапілі нават у міжнародны спіс. Дзесьці пакланяюцца каменю, дзесьці вераць у цудатворную сілу крыніцы, а дзесьці штогод выконваюць адны і тыя ж абрадавыя дзеянні, каб забяспечыць шчасце і дабрабыт.

Цікавая традыцыя, да прыкладу, існуе ў Чэрыкаўскім раёне. Кожны год на наступны дзень пасля ўрачыстасці святых Пятра і Паўла жыхары вёскі Наркі адзначаюць народнае праваслаўнае свята Бразгун. Калі яно з'явілася на Чэрыкаўшчыне, мясцовыя жыхары сказаць не могуць. Кажуць толькі, што чулі ад дзядоў, як неяк данеслася з лесу гучнае бразгатанне. Наркоўцы пабеглі паглядзець, што магло здарыцца ў цёмным гушчары, прыйшлі і ўбачылі моцны пенна-белы струмень, які біў з-пад зямлі і падымаў высока да неба мноства дробных каменьчыкаў. Людзі пачалі хрысціцца, бласлаўляючы святых Пятра і Паўла, верылі, што менавіта яны і паслалі ім гэты зямны цуд. Крыніцу, з якой біў струмень, пашырылі, паставілі драўляны крыж, на яго вясковыя жанчыны павесілі аброчныя ручнікі ў надзеі на лепшае жыццё і здароўе. І з тых часоў пачалі ладзіць у гэтым месцы свята Бразгун. Ідуць да крыніцы не з пустымі рукамі. Нясуць абраз святых Пятра і Паўла, што захоўваецца ў Нарках не адно дзесяцігоддзе, аброчную свечку вялікіх памераў, якую абнаўляюць штогод, і хлеб з соллю. Каля крыніцы служыцца вадасвятны малебен з акафістам святым апосталам Пятру і Паўлу, асвячаецца вада, веруючыя ламаюць галінкі ад бярозак, якімі ўпрыгожваецца ікона, каб, вярнуўшыся дадому, утыкнуць іх у хату ці хлеў як абярэг.

Многія з нашых традыцый здольны здзівіць і ўразіць замежнікаў. Але галоўнае, што цікавасць да іх існуе ў саміх беларусаў. Бо, як вядома, не бу-дзе носьбітаў — не будзе і гэтых каштоўнасцей. А страціць бясцэнныя скарбы мы не маем права — унукі не даруюць.

Людміла МІНКЕВІЧ