1994 год

Дзень беларускага пiсьменства:
свята з глыбокiмi каранямi

У 2018 годзе вось ужо дваццаць пяты раз Беларусь адзначыла Дзень беларускага пiсьменства — свята, якое набыло мiжнародны аўтарытэт, якое з нецярплiвасцю чакаюць, за права прыняць якое змагаюцца беларускiя гарады.
Задума ўзнiкла ў 1990–м, калi ва ўсiм свеце шырока адзначалася 500–годдзе з дня нараджэння славутага першадрукара Францiшка Скарыны. Адбывалася шмат мерапрыемстваў, у грамадстве адчувалася прага да ведаў пра гiсторыю роднага краю, патрэба вяртання да духоўных вытокаў. Тады ў Мiнiстэрстве культуры i друку Беларусi i ўзнiкла iдэя спалучыць набыткi Скарынаўскага свята з традыцыямi ўшанавання нацыянальных святыняў i хрысцiянскiх каштоўнасцей. Iдэя вынесена на абмеркаванне. I вось 25 мая 1994 г. з'явiўся Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi «Аб устанаўленнi свята — Дня беларускага пiсьменства i друку». А 26 сакавiка 1998 г. абнародаваны Указ Прэзiдэнта № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах у Рэспублiцы Беларусь», якi пацвердзiў, што Дзень беларускага пiсьменства штогод адзначаецца ў нашай краiне ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асаблiва шырокi размах i падтрымку на самым высокiм узроўнi.
Адкрыццё Дня беларускага пiсьменства на плошчы Ф.Скарыны ў Полацку. 4 верасня 1994 г.
Сталiца Дня беларускага пiсьменства выбiраецца штогод — гэта мусiць быць мясцiна з багатай гiстарычнай спадчынай. Першым свята прыняў у 1994 г. Полацк — радзiма Францыска Скарыны. Навум Гальпяровiч, паэт, галоўны дырэктар мiжнароднага радыё «Беларусь», ганаровы грамадзянiн Полацка, успамiнае:

— Цяжка пераказаць тую святочную атмасферу, тое высокае ўзрушэнне, калi ўпершыню ў маiм родным Полацку праходзiў Дзень беларускага пiсьменства. Тады, у 1994 годзе, я працаваў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё i рыхтаваў вялiкi святочны рэпартаж. За журналiсцкiмi клопатамi амаль не было часу як след прагуляцца па святочным праспекце, якi тады яшчэ насiў iмя Карла Маркса, пастаяць разам з гараджанамi i гасцямi каля помнiка Скарыну, пасядзець на драўляных лавах Сафiйскага сабора падчас арганнага канцэрта... Але iнтэрв'ю, якiя давалi мне ўдзельнiкi i госцi, святочная музыка, аксамiтны голас артыста Юрыя Авяр'янава, якi гучаў з дынамiкаў на ўвесь горад, дапаўнялi цудоўную атмасферу шчырай беларускасцi i высокага патрыятызму. Не мог тады я сабе ўявiць, што ў 2003 годзе давядзецца пiсаць сцэнарый адкрыцця чарговага Дня пiсьменства ў родным горадзе, весцi рэй на цэнтральнай плошчы, прадстаўляючы пiсьменнiкаў–землякоў.
Эстафету Полацка прымалi Тураў, Наваградак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнiкi, Ганцавiчы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Iванава. Але святочныя мерапрыемствы заўсёды адбываюцца па ўсёй краiне: тэматычныя ўрокi, лекцыi, семiнары, творчыя сустрэчы.

У Дня беларускага пiсьменства ёсць свае традыцыi. Адначасова са святам з'явiлася Рэспублiканская навукова–асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». За некалькi дзён да святкавання ў шлях з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга выпраўляюцца прадстаўнiкi творчай i навуковай iнтэлiгенцыi, духавенства. Кожны раз — новы цiкавы маршрут, якi заканчваецца ў сталiцы правядзення свята.
Яшчэ адна традыцыя, якой чакаюць, — урачыстае тэатралiзаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гiстарычных персанажаў. I абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывiтанне Прэзiдэнта гасцям i ўдзельнiкам свята.

Усё больш замежных гасцей наведваюць свята беларускага слова. З iх удзелам адбываюцца «круглы стол» i навукова–практычная канферэнцыя. Але самая, мабыць, iнтрыгоўная падзея — урачыстая цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў лiтаратурнай прэмii. З 2006 па 2014–ты на Днi беларускага пiсьменства ўручалi прэмiю Саюза беларускiх пiсьменнiкаў «Залаты Купiдон». А ў 2015–м пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкi з'явiлася прэстыжная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя для аўтараў лепшых твораў у розных жанрах. Упершыню яна была ўручана на Днi беларускага пiсьменства ў Шчучыне.
21 лютага 2017 г., у Мiжнародны дзень роднай мовы, дадзены старт Рэспублiканскаму конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка». Яго фiнал адбываецца на свяце пiсьменства. Сёлета ў конкурсе прынялi ўдзел больш за 15 тысяч школьнiкаў з усёй Беларусi.
Цэнтрам свята робiцца Фестываль кнiгi i прэсы, дзе можна пазнаёмiцца з апошнiмi кнiжнымi навiнкамi, атрымаць аўтографы аўтараў, пабачыць цiкавыя выстаўкi. Там заўсёды ёсць экспазiцыя выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Яго галоўны рэдактар Вiктар Шнiп расказвае:

— У святкаваннях Дня беларускага пiсьменства я ўдзельнiчаў амаль ва ўсiх. У 2006 годзе ў Паставах, нават атрымаў прэмiю «Залаты Купiдон» у намiнацыi «Паэзiя». Кожны раз ехаў з радасцю, бо заўсёды адкрываў для сябе нашы славутыя гарады. Дзякуючы святу, я ўпершыню пабыў у Полацку, Тураве, Пiнску, Шклове, Камянцы, Хойнiках, Iванаве. Кожны гэты горад — наша гiсторыя, пра якую мы шмат даведваемся праз Дзень беларускага пiсьменства. З акна аўтобуса бачыш, што ў нас на палях не быльнёг расце, а каласiцца збажына. Хаты ў вёсках не развальваюцца, а патанаюць у дагледжаных садах i агародах. I дарогi ў нас не калдобiна на калдобiне. Едзеш, i любуешся краявiдамi i думаеш, што гэта ўсё наша, роднае, беларускае. I самае галоўнае, што ты сябе адчуваеш жыхаром еўрапейскай краiны, у якога ёсць свая шматвяковая гiсторыя i свая культура.
Дзень беларускага пiсьменства пакiдае пра сябе памяць не толькi ў словах i вобразах, але i ў новых турыстычных аб'ектах. Падчас юбiлейнага, X Дня беларускага пiсьменства ў Полацку ў 2003 годзе адкрыты ўнiкальны помнiк лiтары «ў». У Ганцавiчах з'явiўся помнiк Якубу Коласу i Алея пiсьменства. У Хойнiках, на радзiме народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, — скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа». У Глыбокiм — Сквер славутых землякоў, дзе ўстаноўлены помнiкi васьмi выбiтным асобам, чый лёс звязаны з Глыбоччынай. У Iванава адбылося адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV, юбiлейнаму, Дню беларускага пiсьменства: стылiзаваны сонечны гадзiннiк, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чашы пяро.
Галоўнае — адчуванне далучанасцi да духоўных каштоўнасцей, якое пакiдае ў душах кожны Дзень беларускага пiсьменства.
Традыцыйна добрым падарункам гораду, якi прымае свята, з'яўляецца адкрыццё кнiжнай крамы, завяршэнне рэканструкцыi помнiка архiтэктуры, новы будынак бiблiятэкi цi Дома культуры. Напрыклад, незабыўнае ўражанне засталося ва ўдзельнiкаў i гасцей свята ў Шчучыне, калi пасля рэстаўрацыi прыняў першых наведвальнiкаў палац князёў Друцкiх–Любецкiх.
Але галоўнае — тое адчуванне далучанасцi да духоўных каштоўнасцей, якое пакiдае ў душах кожны Дзень беларускага пiсьменства.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ